Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВСЕ / история беларуси учебник.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
07.05.2024
Размер:
1.03 Mб
Скачать

Глава 2. Палітычнае развіццё беларускіх зямель

У ХІV – ХVІ стст.

§ 1. Беларускія землі ў грамадска-палітычным жыцці вкл

Па форме дзяржаўнага ўладкавання ВКЛ уяўляла сабой поліэтнічную

феадальную федэрацыю. Гэта тлумачылася перш за ўсё тым, што былі розныя

палітычна-прававыя ўмовы ўваходжання ў склад дзяржавы асобных рэгіёнаў.

Спачатку ўся дзяржава складалася з наступных, аўтаномных па сутнасці, частак: удзельных княстваў, аўтаномных абласцей, уласна Літвы, з прылеглымі

да яе беларускімі часткамі, а таксама Кіеўскай, Валынскай і Падольскай зямель, якія мелі асаблівы аўтаномны лад да ўваходжання ў склад Кароны Польскай.

Удзельныя княствы былі раскіданы ў розных частках дзяржавы. Гэта

Гарадзенскае, Новагародскае, Мінскае, якія ўвайшлі ў склад уласна Літвы ў

другой чвэрці ХІV ст., Падляшша, Мсціслаўскае, Турава-Пінскае, Слуцкае, Капыльскае княствы. Пэўны час шмат такіх княстваў было на ўсходзе

дзяржавы: Вяземскае, Тарапецкае, Бельскае, Трубчэўскае, Ноўгарад-Северскае, Старадубскае і інш. Удзельны князь прыносіў “пакору” вялікаму князю, плаціў

яму даніну і дапамагаў дружынай у час вайны. Ва ўсім астатнім парадкі былі

ранейшымі. На правах аўтаномных абласцей знаходзіліся Полацкая, Новагародская, Віцебская і Смаленская землі. Яны кіраваліся на аснове

ўстаўных грамат, якія рэгулявалі мясцовае жыццё па прынцыпу, што “мы (г. зн.

вялікі князь) даўніны не рушым і навіны не ўводзім”. Да ўласна Літвы

адносіліся Трокскае і Віленскае княствы.

Імкнучыся больш цэнтралізаваць дзяржаву, прывязаць шчыльней да цэнтра

славянскія землі і пашырыць у іх сацыяльную базу сваёй улады, вялікія князі

літоўскія ажыццяўлялі палітыку зямельных падараванняў літоўскім феадалам

на далучаных да княства землях. Але гэта мера мела і адваротны бок, бо вяла да

змяншэння ўласных зямельных уладанняў вялікага князя (гаспадарскага

дамена), скарачала матэрыяльную базу яго палітычнай улады ўнутры краіны.

У той жа час узрасталі эканамічная роля і палітычны ўплыў буйных літоўскіх

феадалаў, што замацоўвала федэратыўныя тэндэнцыі ў пабудове дзяржавы.

Барацьба цэнтралісцкіх і федэратыўных пачаткаў пранізвала ўсё

ўнутрыпалітычнае жыццё княства ў ХІV – ХVІ стст. і вяла да крызісаў

дзяржаўнай улады, якія пагражалі распадам ВКЛ.

Першы крызіс узнік неўзабаве пасля смерці вялікага князя Гедыміна ў

1341 г. і быў выкліканы парушэннем права наследавання трона. Скончыўся ён

дзяржаўным пераваротам 1345 г., калі вялікі князь Еўнут быў звергнуты яго

старэйшымі братамі Альгердам і Кейстутам. Еўнуту было перададзена

Заслаўскае княства. Вялікім князем стаў Альгерд, які валодаў усходняй часткай

дзяржавы, яго суправіцелем – Кейстут, у валоданні якога знаходзіліся заходнія

землі княства з цэнтрам у Троках.

Другі палітычны крызіс узнік у 1377 г. пасля смерці Альгерда, калі, згодна

з папярэдняй дамоўленасцю паміж братамі, пры падтрымцы Кейстута на

велікакняжацкі прастол быў узведзены Ягайла Альгердавіч. Ён, як і яго бацька, імкнуўся да стварэння моцнай цэнтралізаванай дзяржавы. Але гэта задача

ўскладнялася трыма акалічнасцямі. Па-першае, рэальную ўладу Ягайла меў

толькі ва ўсходняй частцы дзяржавы, у Троках і ўсёй заходняй частцы правіў

стары Кейстут. Па-другое, на велікакняжацкі трон прэтэндаваў князь Андрэй

Полацкі, старэйшы сын Альгерда ад першага шлюбу. Па-трэцяе, узмацнялася

апазіцыя з боку заходнерускіх княстваў, якія былі незадаволены палітыкай

цэнтралізацыі і былі супраць ідэі поўнага палітычнага зліцця з Літвой. Тут

выспяваў шырокі грамадска-палітычны рух супраць умацавання ўлады вялікага

князя. У 1377 г. Ягайла пазбавіў Андрэя Альгердавіча яго Полацкага ўдзелу.

Андрэй збег у Пскоў і стварыў цэлую антылітоўскую кааліцыю ў складзе

Маскоўскай дзяржавы, Смаленскага княства, Вялікага Ноўгарада і Лівонскага

ордэна.

У гэты час сапсаваліся адносіны Ягайлы з Кейстутам. Апошні, выкарыстаўшы складанае становішча пляменніка, у 1381 г. захапіў вярхоўную

ўладу ў дзяржаве. Наступіў новы, трэці па ліку, палітычны крызіс. Праз год, узяты ў палон Ягайлам, Кейстут быў задушаны ў цямніцы Крэўскага замка.

Быў яшчэ адзін фактар, які абцяжарваў праблему цэнтралізацыі дзяржавы: рост аўтарытэту Масквы на заходнерускіх землях пасля перамогі над татарамі

на Куліковым полі ў 1380 г. Дарэчы, у гэтай бітве ўдзельнічалі і некаторыя

князі з ВКЛ, напрыклад, той жа Андрэй Полацкі. Спроба нейтралізаваць гэту

тэндэнцыю шляхам заключэння саюза паміж вялікімі князямі літоўскім і

маскоўскім не прывяла да станоўчых вынікаў, бо маскоўскі бок выставіў

умовы, непрымальныя для літоўскага. Самастойнаму гаспадару было не з рукі

станавіцца васалам ханскага данніка.

Новае выйсце бачылася ў саюзе з Польшчай, якая акрамя апоры ў барацьбе

з унутранай апазіцыяй разглядалася яшчэ і як саюзнік у змаганні з Тэўтонскім

ордэнам. Польскія феадалы ў сваю чаргу хацелі засцерагчыся ад моцнага і

небяспечнага ўсходняга суседа, а таксама пашырыць свае ўладанні за кошт

княства: страціўшы Сілезію і Памор’е, яны прэтэндавалі на Валынь, Падолле і

Галіцкую Русь.

Сітуацыю аблегчыла тое, што палякі ўбачылі ў вялікім князю літоўскім

Ягайле кандыдатуру на ролю мужа сваёй малалетняй каралевы Ядзвігі і свайго

будучага караля. Усё гэта прывяло да заключэння 14 жніўня 1385 г. у Крэве

пагаднення з Польшчай, якое вядома пад назвай Крэўскай уніі. Тэкст уніі да нас

не дайшоў, аднак вядома, што Ягайла, у адпаведнасці з яе ўмовамі, абавязаўся

аб’яднаць Польшчу з Літвою і прыняць разам з усімі сваімі падданымі

каталіцтва ўзамен на права стаць польскім каралём. У 1386 г. Ягайла быў

абраны польскім каралём, прыняў каталіцтва, атрымаў імя Уладзіслаў і быў

абвянчаны з каралевай Ядзвігай. Такім чынам, з дапамогай уніі ВКЛ павінна

было быць інкарпаравана ў склад Кароны Польскай.

Унія прывяла да таго, што паступова пачала нарастаць каталіцызацыя

Вялікага княства. Гэта ў сваю чаргу змяніла сацыяльна-прававое становішча

беларускіх зямель у ім. Паводле прывілея Ягайлы ад 20 лютага 1387 г., феадалы

каталіцкага веравызнання мелі істотныя перавагі ў параўнанні з праваслаўнымі.

Яны атрымалі неабмежаванае права валодання і распараджэння сваімі

вотчынамі, вызваляліся ад выканання многіх дзяржаўных павіннасцей. Другім

прывілеем ад 22 лютага 1387 г. была абумоўлена магчымасць заключэння

шлюбаў паміж католікамі і праваслаўнымі толькі ў выпадку пераходу апошніх

у каталіцтва. Такім чынам, каталіцызацыя закранула інтарэсы не толькі вярхоў, але і шырокіх колаў праваслаўнага насельніцтва.

Дэскрымінацыя праваслаўнай знаці з канца XIV ст. абвастрыла становішча

ў краіне. Супраць уніі і Ягайлы ўзнік грамадска-палітычны рух, які на першым

этапе ўзначаліў князь Андрэй Полацкі. Аднак Ягайлу ўдалося падавіць

выступленні, а Андрэй быў узяты ў палон і адпраўлены ў Польшчу.

На другім этапе (1389 – 1392 гг.) на чале руху стаў стрыечны брат Ягайлы

Вітаўт. На гэты раз удалося адстаяць самастойнасць дзяржавы. Барацьба

скончылася заключэннем Востраўскага пагаднення 5 жніўня 1392 г., якое

значна карэктавала Крэўскую унію. ВКЛ было гарантавана адасобленае

дзяржаўнае існаванне, але ў саюзе з Польшчай і пад верхаўладдзем польскага

караля. Ягайла прызнаў Вітаўта вялікім князем літоўскім (1392 – 1430).

З мэтай умацавання цэнтральнай улады Вітаўт ліквідаваў сістэму

спадчыннага ўдзельнага княжання і замяніў яе інстытутам намесніцтва.

Намеснікамі прызначаліся як ранейшыя ўдзельныя князі, якія выказалі

лаяльнасць Вітаўту, так і выдзвіжэнцы вялікага князя, пераважна літоўскага

паходжання. Намеснікі з’яўляліся прадстаўнікамі цэнтральнай улады.

Адстаяўшы незалежнасць ВКЛ, Вітаўт разам з тым вымушаны быў

згадзіцца на пашырэнне каталіцкага ўплыву. У 1413 г. Вітаўт і Ягайла падпісалі

Гарадзельскую унію, якая, з аднаго боку, юрыдычна аформіла палітычную

самастойнасць ВКЛ (але найвышэйшым князем літоўскім па-ранейшаму

заставаўся польскі кароль Ягайла), а з другога, пашырыла правы каталіцкай

шляхты, бо дэкларавала выключнае права феадалаў-католікаў займаць

дзяржаўныя пасады.

Так Гарадзельскі прывілей яшчэ больш паглыбіў раскол у грамадстве, што

вылілася пасля смерці Вітаўта ў грамадзянскую вайну 1432 – 1436 гг. У ходзе

яе федэрацыя распалася на дзве дзяржавы: Вялікае княства Літоўскае на чале з

Жыгімонтам Кейстутавічам і Вялікае княства Рускае на чале са Свідрыгайлам

Альгердавічам. Апошняе праіснавала чатыры гады. Каб ліквідаваць

напружанасць у грамадстве польскі кароль Ягайла ў 1432 г. выдаў прывілей, які

потым фактычна паўтарыў у 1434 г. Жыгімонт Кейстутавіч. Паводле гэтага

прывілея, адбывалася ўраўнаванне ў маёмасных правах праваслаўнай і

каталіцкай шляхты і перадача на карысць баяр дзяржаўнай павіннасці – дзякла.

Аднак саслоўная роўнасць не была падмацавана палітычнай. Гэта азначала, што

канчаткова праблема не была вырашана. Толькі 7 чэрвеня 1563 г. вялікі князь

Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей, які ўраўняў у палітычных правах шляхту

хрысціянскага веравызнання розных канфесій (праваслаўных, католікаў, пратэстантаў).

У ХV – пачатку ХVІ ст. можна было назіраць шэраг спроб палітычнай

эліты ВКЛ разарваць асабістую унію з Польшчай. Гэта было ў час праўлення

вялікага князя Казіміра Ягайлавіча (1440 – 1492) у 1440 – 1447 гг. і пры сыне

апошняга вялікім князю Аляксандры (1492 – 1506) у 1492 – 1501 гг. У гэтыя

перыяды асабістая унія з Польшчай перарывалася і заставалася толькі унія

дынастычная. Апошняя спроба разарваць асабістую унію была зроблена ў час

праўлення Жыгімонта Старога (1506 – 1548), калі ў 1529 г. на сейме ў Вільні па

настаянні паноў Рады ВКЛ вялікім князем быў выбраны яго 9-гадовы сын

Жыгімонт Аўгуст. Але каранаваны ён так і не быў. Толькі ў 1544 г Жыгімонт

Аўгуст пачаў выконваць абавязкі вялікага князя і кіраваў дзяржаўнымі справамі

пры дапамозе паноў Рады. Калі ў лютым 1548 г. памёр Жыгімонт Стары, Жыгімонт Аўгуст стаў паўнапраўным польскім каралём і вялікім князем

літоўскім.

Соседние файлы в папке ВСЕ