Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВСЕ / история беларуси учебник.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
07.05.2024
Размер:
1.03 Mб
Скачать

§ 2. Нацыянальная палітыка. Беларусізацыя

Значнай з’явай у нацыянальных адносінах у 20–30-я гады была палітыка

беларусізацыі. Многія здабыткі гэтай палітыкі, яе станоўчы вопыт і трагічны

лёс маюць і сёння вялікае значэнне для нацыянальна-культурнага развіцця

Беларусі. Патрэбна адзначыць, што амаль да сярэдзіны 80-х гадоў афіцыйная

гістарычная літаратура амаль нічога не гаварыла аб гэтай з’яве ў нацыянальным

развіцці беларускага народа альбо трактавала адмоўна тэндэнцыі

нацыянальнага адраджэння на Беларусі ў 20-я гады.

Разглядаючы перадумовы палітыкі беларусізацыі, неабходна мець на ўвазе

асаблівасці нацыянальных адносін на Беларусі на пачатку 20-х гадоў і

праблемы, якія існавалі ў гэтым пытанні.

Па-першае, ішоў працэс тэрытарыяльнага самавызначэння беларускага

народа, беларускай нацыі. У 1920–1923 гг. тэрыторыя БССР уключала толькі 6

паветаў былой Мінскай губерні: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі (з 1924 г. –

Чэрвеньскі), Мазырскі, Мінскі, Слуцкі (усяго 52 402 км2, каля 1,5 млн чалавек

насельніцтва). Ужо ў верасні – лістападзе 1921 г. кіруючыя органы Беларусі

ўзнімалі пытанне аб вяртанні БССР паветаў, у якіх большасць насельніцтва

складалі беларусы.

3 сакавіка 1924 г. было заключана пагадненне паміж ЦВК РСФСР і ЦВК

БССР аб перадачы (а лепш гаварыць – аб вяртанні) БССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У снежні 1926 г. Беларускай ССР былі

вернуты яшчэ 2 паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. У выніку тэрыторыя БССР склала

152 854 км2, а колькасць насельніцтва – 5 млн чалавек.

Па-другое, важна ўявіць асаблівасці нацыянальнага складу тагачаснага

насельніцтва Беларусі. Паводле перапісу 1926 г., беларусы складалі 80,6 %, яўрэі – 8,2, рускія – 7,7, палякі – 2, украінцы – 0,7, латышы – 0,3, літоўцы, немцы і татары – па 0,1 %. Такім чынам, можна гаварыць аб нацыянальна-

беларускім характары асноўнай масы насельніцтва Беларусі з улікам наяўнасці

шматнацыянальнай меншасці, якая складала амаль пятую частку насельніцтва.

Трэба ўлічваць і тую акалічнасць, што беларусы ў асноўнай масе жылі

ў вёсцы. Гарады былі населены значнай часткай рускіх, яўрэяў, якія складалі ў

некаторых гарадах і мястэчках да 40–60 % жыхароў. Іншыя нацыянальныя

меншасці жылі як у гарадах, так і ў вёсках даволі кампактнымі этнічнымі

групамі. Такое рассяленне стварала пэўнае размежаванне паміж рускамоўным

горадам і беларускамоўнай вёскай, што ўносіла спецыфіку ў моўную сітуацыю і

патрабавала ўлічваць гэта ў нацыянальнай палітыцы.

Па-трэцяе, палітыка беларускага адраджэння ва ўмовах савецкай улады

пачала ажыццяўляцца раней афіцыйна абвешчанай беларусізацыі перш за ўсё

намаганнямі дзеячаў нацыянальна-дэмакратычнага руху. У снежні 1920 г.

загадчык беларускага аддзела Наркамата асветы П. Ільючонак звярнуўся да

кіраўніцтва Кампартыі Беларусі з запіскай, у якой абгрунтаваў неабходнасць

пераводу навучання ў школах на беларускую мову, а таксама арганізацыі школ

для нацыянальных меншасцей. Гэта ініцыятыва была падтрымана.

У пачатку 1921 г. у Камісарыяце земляробства, які ўзначальваў У. Ігнатоўскі, для супрацоўнікаў былі арганізаваны курсы па вывучэнні беларускай мовы і

ўсё справаводства пераведзена на беларускую мову. Па ініцыятыве А. Бурбіса

ажыццяўлялася беларусізацыя ў Наркамаце замежных спраў.

Такім чынам, намаганнямі вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага

адраджэння закладваліся асновы нацыянальнай палітыкі, якая пазней была

аформлена як дзяржаўная палітыка беларусізацыі.

Варта зазначыць, што на пачатку 20-х гадоў савецкія органы і Кампартыя

рэспублікі як кіруючая сіла палітычнай сістэмы даволі рэалістычна вызначалі

праблемы нацыянальнага адраджэння беларускай нацыі. У распрацоўцы

палітычнай лініі па гэтым пытанні прыкметнае месца належыць VII з’езду

КП(б) Беларусі (красавік 1923 г.), на якім з дакладам “Нацыянальныя моманты

ў дзяржаўным і партыйным будаўніцтве” выступіў старшыня ЦВК і СНК БССР

А. Чарвякоў. У чэрвені 1923 г. прынята пастанова Пленума ЦБ КП(б) Беларусі, у якой даволі дакладна быў намечаны комплекс практычных мерапрыемстваў

па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі: гаспадарчае адраджэнне краю, тэрытарыяльнае самавызначэнне беларускага народа, развіццё беларускай мовы

і пашырэнне сферы яе ўжывання, развіццё нацыянальнай культуры і

павышэнне культурнага ўзроўню насельніцтва, вылучэнне і выхаванне кадраў

партыйнага, дзяржаўнага і іншага апарату з карэннага насельніцтва, прыцягненне да актыўнага ўдзелу ў нацыянальным адраджэнні дэмакратычных

элементаў.

Аб’ектыўны падыход да гісторыі патрабуе прызнаць, што КП(б) Беларусі

на працягу 1923–1925 гг. надавала значную ўвагу нацыянальнай палітыцы. На

Пленуме ЦБ КП(б)Б у чэрвені 1924 г. разглядалася пытанне аб праграме

правядзення нацыянальнай палітыкі ў Беларусі; у 1925 г. пытанні нацыянальнай

палітыкі разглядаліся на пленумах ЦК КП(б)Б у студзені, маі, кастрычніку; у

рэзалюцыі апошняга быў вызначаны раздзел “Беларусізацыя”. У кастрычніку

1926 г. абмеркавана пытанне “Аб ходзе ажыццяўлення ў рэспубліцы

нацыянальнай палітыкі”. Аднак сярод кіраўніцтва рэспублікі былі і праціўнікі

беларусізацыі, што стварала цяжкасці.

Пачатак палітыкі беларусізацыі варта аднесці да чэрвеня 1924 г., калі сесія

ЦВК БССР прыняла пастанову аб утварэнні спецыяльнай камісіі на чале з А.

Хацкевічам па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі. Такія ж камісіі ўтвараліся

і пры акруговых выканаўчых камітэтах.

З сярэдзіны 1923 г. і да сярэдзіны 1924 г. працэс беларусізацыі прайшоў

першую фазу, на працягу якой вялася ў асноўным яе палітычная і ідэалагічная

падрыхтоўка. Была разгорнута тлумачальная работа сярод насельніцтва аб

неабходнасці і сэнсе беларусізацыі, распрацаваны погляды на змест гэтай

палітыкі, прымаліся дырэктыўныя дакументы, пастановы. Лета 1924 г. і

прыкладна да 1928 г. – час актыўнай практычнай рэалізацыі вызначаных

напрамкаў дзейнасці ў палітыцы беларусізацыі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа праведзена ў 1926–1929 гг.

пасля таго, як адбылося вяртанне БССР значнай часткі этнічна беларускіх

зямель. У складзе БССР губерні, паветы, воласці былі ліквідаваны і замест іх

утвораны акругі, раёны і сельсаветы, прычым значна змяняліся межы

адміністрацыйных адзінак. У аснову новаўтварэнняў пакладзены нацыянальны

прынцып. З улікам інтарэсаў і патрабаванняў нацыянальных меншасцей

(карыстанне роднай мовай, захаванне здабыткаў нацыянальнай культуры, звычаяў і г.д.) у месцах іх кампактнага пражывання ўтвараліся нацыянальныя

Саветы. У 1928 г. налічвалася 23 яўрэйскія, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія Саветы. У 1932 г. быў утвораны нацыянальны

(польскі) раён з цэнтрам у Дзяржынску. Палітыка беларусізацыі не азначала

прыніжэння ці ўшчамлення правоў і інтарэсаў нацыянальных меншасцей.

Адным з напрамкаў нацыянальнай палітыкі з’яўлялася беларусізацыя

дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, якая мела на мэце вывучэнне

супрацоўнікамі беларускай мовы і перавод на яе справаводства. Усім

дзяржаўным і грамадскім установам, а таксама прадпрыемствам і

кааператыўным аб’яднанням былі ўстаноўлены канкрэтныя тэрміны пераводу

іх працы на беларускую мову. У 1927 г. беларускай мовай валодалі ў

цэнтральных дзяржаўных установах 80 % служачых, у акруговых і раённых

установах – каля 70 %. Асноўныя рэспубліканскія дакументы выдаваліся на

беларускай мове, а таксама на адной з трох іншых моў: рускай, польскай і

яўрэйскай.

У ходзе беларусізацыі вырашалася задача больш актыўнага вылучэння на

кіруючыя пасады прадстаўнікоў карэннага (не толькі беларускага) насельніцтва. У выніку за 1926–1927 гг. сярод кіраўнікоў акруговага і раённага

ўзроўню ўдзельная вага беларусаў павялічылася з 30,3 да 46 %, гарсаветаў –

з 43,8 да 45 %. У складзе сельскіх Саветаў колькасць беларусаў была 90 %.

Палітыка беларусізацыі закранула і войска. У 1923–1925 гг. праводзілася

ваенная рэформа. Камплектаванне войск Чырвонай Арміі пачало базіравацца на

тэрытарыяльным прынцыпе ў спалучэнні з кадравым. Ваенная рэформа

прадугледжвала аднаўленне нацыянальных тэрытарыяльных часцей і

злучэнняў.

Для падрыхтоўкі сярэдняга каманднага саставу была ўтворана Аб’яднаная

беларуская вайсковая школа імя ЦВК БССР.

Палітыка беларусізацыі закранула і ўнутранае жыццё войска. Усе

асноўныя навучальныя дапаможнікі (статуты, падручнікі) былі выданы на

беларускай мове.

Тэрытарыяльныя фарміраванні БВА існавалі да 1935–1938 гг., пасля былі

скасаваны.

Важным напрамкам беларусізацыі з’яўлялася нацыянальна-культурнае

будаўніцтва. Калі ў 1921 г. беларускія школы складалі 1,5 % ад агульнага ліку

школ на Беларусі, то ў 1931 г. – 83,5 %. У 1930 г. 76,6 % студэнтаў вышэйшай

школы рэспублікі былі беларусамі, выкладанне больш за 80 % вучэбных

дысцыплін вялося на беларускай мове.

У Беларускай акадэміі навук працавалі нацыянальныя сектары – яўрэйскі, польскі, латышскі, а таксама Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі, сектар

масавай работы і краязнаўства. Сярод навуковых супрацоўнікаў акадэміі

ў пачатку 30-х гадоў колькасць беларусаў складала 45 %.

Шмат што было зроблена ў напрамку беларусізацыі ў выдавецкай справе.

У 1924 г. заснавана Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Апрача таго, працавалі

выдавецтвы тэхнічнай літаратуры, вайсковай літаратуры і інш. У 1931 г. было

выдадзена на беларускай мове 1069 назваў кніг. У перыядычным друку

выходзіла 13 рэспубліканскіх газет, з іх 6 – на мовах нацыянальных меншасцей, 64 – раённыя і гарадскія газеты, 30 часопісаў.

Значных поспехаў у гады правядзення палітыкі беларусізацыі дасягнулі

беларуская літаратура, нацыянальны беларускі тэатр, музыка, жывапіс.

Разглядаючы палітыку беларусізацыі ў 20-я гады, важна адзначыць, што яе

ход меў пэўныя супярэчнасці і цяжкасці. З аднаго боку, гэта недаацэнка

нацыянальных асаблівасцей Беларусі ў першую чаргу рускімі чыноўнікамі, якіх

нямала было ў гаспадарчым і дзяржаўным апараце. Яны разглядалі

беларусізацыю як гвалтоўнае насаджэнне беларушчыны, усялякім чынам

перашкаджалі яе ажыццяўленню. Такую ж пазіцыю займалі і некаторыя

прадстаўнікі іншых нацыянальных меншасцей, асабліва яўрэйства, у асяроддзі

якога назіраліся праявы сіянізму.

З другога боку, мелі месца спробы фарсіраваць тэмпы беларусізацыі без

уліку аб’ектыўных умоў. Нярэдка ва ўстановах складаліся спісы супрацоўнікаў, якія былі абавязаны ў кароткі тэрмін вывучыць беларускую мову, да таго ж

заахвочваліся “сустрэчныя планы”, калі гэтыя тэрміны яшчэ больш скарачаліся.

Не заўсёды існавалі ўмовы для вывучэння беларускай мовы – не хапала

выкладчыкаў, падручнікаў. Здараліся выпадкі звальнення з пасады за

невалоданне беларускай мовай. Усё гэта выклікала незадаволенасць пэўнай

часткі насельніцтва, садзейнічала ажыўленню антыбеларускіх настрояў, кампраметавала сутнасць палітыкі беларусізацыі.

Але, нягледзячы на супярэчнасці, цяжкасці і недахопы, палітыка

беларусізацыі з’явілася практычнай спробай ва ўмовах савецкай улады

ажыццявіць беларускае нацыянальнае адраджэнне. Да яе істотных станоўчых

вынікаў у 20-я гады можна аднесці пэўную дэмакратызацыю грамадскага

жыцця, калі нацыянальны момант, нацыянальныя пытанні прывялі да

аб’яднання даволі разнастайных палітычных сіл. Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі рабіла пэўныя крокі да супрацоўніцтва з больш шырокімі

нацыянальнымі коламі. Аб прычынах згортвання палітыкі беларусізацыі ў

канцы 20 – пачатку 30-х гадоў будзе сказана ў параграфе, прысвечаным

палітычным рэпрэсіям.

Соседние файлы в папке ВСЕ