Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВСЕ / история беларуси учебник.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
07.05.2024
Размер:
1.03 Mб
Скачать

§ 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх губерняў у 60-я гады

XIX ст. – першыя гады XX ст.

Характарыстыка землеўладання на Беларусі. Рэформа 1861

г.,

праведзеная ў інтарэсах памешчыкаў, абумовіла “прускі” варыянт развіцця

капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. У Беларусі яго рысы былі яшчэ

больш выразныя. Тут пераважала памешчыцкае землеўладанне. Паводле даных

1877 г., памешчыкам належала 50,3 % зямлі, сялянам – 33,4, казне, царкве, розным установам – 11,2 %. Буржуазнае (бессаслоўнае) землеўладанне складала

ўсяго 5,1 % ад агульнай зямельнай плошчы.

Памешчыцкае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі мела выразны

латыфундыяльны характар. На долю латыфундый (больш за 500 дзесяцін на

аднаго ўладальніка) у 1877 г. прыпадала 88,6 % памешчыцкай зямлі. Самыя

буйныя памешчыкі ў Беларусі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін

зямлі: графу Чарнышову-Круглікаву належала 74,5 тыс. дзесяцін, князю

Паскевічу – 83,5 тыс., графу Патоцкаму – 121,6 тыс., князю Радзівілу –

150 тыс., а князю Вітгенштэйну – амаль 1 млн. дзесяцін. У той жа час больш як

60 % сялянскіх сем’яў у Беларусі атрымалі зямельныя надзелы менш за

15 дзесяцін, 32 % – ад 15 да 20 і толькі 8 % – звыш 20 дзесяцін. Сярэдні памер

сялянскіх надзелаў у беларускіх губернях вагаўся ад 8 да 12 дзесяцін на двор.

Такім чынам, на кожнага памешчыка ў сярэднім прыходзілася 1 097 дзесяцін

зямлі, альбо ў 75 разоў больш, чым на сялянскі двор.

Пры тагачаснай культуры земляробства надзел да 15 дзесяцін не мог

забяспечыць селяніну даход, дастатковы для ўтрымання сям’і з 6 – 7 чалавек, выплаты выкупных плацяжоў, дзяржаўных падаткаў і іншых збораў. Акрамя

таго, памешчыкі захавалі за сабой так званыя сервітутныя землі (сенажаці,

выганы, выпасы, вадаёмы, лясныя ўгоддзі і інш.), без якіх сялянская гаспадарка

не магла абысціся. Гэта вымушала сялян ісці ў кабалу да памешчыкаў: арандаваць у іх зямлю, сервітутныя ўгоддзі, браць натуральныя і грашовыя

крэдыты. У пачатку ХХ ст. сяляне Беларусі арандавалі ў памешчыкаў 1/10

частку ворнай зямлі, каля 1/4 сенажацей і пашаў. Гэтая арэнда мела

напаўпрыгонніцкі характар.

Малазямелле сялян узмацнялася цераспалосіцай. Вельмі часта сялянскія

надзелы размяшчаліся не ў адным месцы, а ў некалькіх, маглі знаходзіцца сярод

памешчыцкіх угоддзяў. У заходніх губернях цераспалосіца была пашырана

больш, чым ва ўнутраных раёнах Расіі. Яна затрымлівала ўвядзенне

рацыянальнай сістэмы земляробства, інтэнсіфікацыю сялянскай гаспадаркі.

Асаблівасці развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі.

Пераход да капіталістычнага земляробства ў Беларусі адбываўся паступова. На

змену прыгонніцтву спачатку прыйшла змешаная сістэма гаспадаркі, у якой

перапляталіся феадальныя і капіталістычныя формы гаспадарання. Феадальныя

рысы ў сельскай гаспадарцы праяўляліся ў выглядзе адпрацовак.

Адпрацовачная сістэма была найбольш пашырана ў Віцебскай і Магілёўскай

губернях. Яе сутнасць заключалася ў апрацоўцы памешчыцкай зямлі

інвентаром сялян, якія атрымлівалі за гэта ад памешчыка зямельныя ўгоддзі ў

арэнду. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях памешчыкі шырока

выкарыстоўвалі працу наёмных рабочых (гадавых, тэрміновых, падзённых), якія апрацоўвалі зямлю інвентаром памешчыка. Гэта была ўжо капіталістычная

форма гаспадарання. Аднак і тут адпрацоўкі займалі значнае месца.

Пасля рэформы 1861 г. сельская гаспадарка Беларусі ўсё шырэй уцягвалася

ў рыначныя сувязі. Развіццё капіталізму ў Беларусі адбывалася пад

непасрэдным уплывам агульнарасійскага рынку. У параўнанні з цэнтральнымі

прамысловымі губернямі, значнай часткай Украіны, Польшчай і Прыбалтыкай

Беларусь адставала ў прамысловым развіцці і заставалася галоўным чынам

сельскагаспадарчым раёнам. Аднак па ўзроўні развіцця капіталізму ў сельскай

гаспадарцы яна ішла наперадзе многіх рэгіёнаў Расіі. Гэтаму спрыяла, у прыватнасці, геаграфічнае становішча Беларусі, праз тэрыторыю якой

праходзілі стратэгічныя і гандлёвыя шляхі ў Польшчу, Прыбалтыку, Заходнюю

Еўропу. Хутчэй складваліся капіталістычныя адносіны ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, дзе пераважала падворнае землекарыстанне.

Гэтыя губерні знаходзіліся ў больш спрыяльным становішчы ў параўнанні з

Віцебскай і Магілёўскай адносна рынку збыту сельскагаспадарчай прадукцыі.

У выніку малазямелля сялян таварная вытворчасць іх гаспадарак была

вельмі нізкай, таму асноўнымі пастаўшчыкамі таварнай прадукцыі ў Беларусі

былі памешчыкі. Шмат памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на захадзе і ў цэнтры

Беларусі, перайшлі на капіталістычны шлях развіцця, у іх адкрываліся

вінакурныя, цагельныя, смалакурныя заводы, млыны, лесапільні. Разам з тым

многія памешчыкі самі не вялі гаспадарку, а здавалі зямлю ў арэнду. Так, у 1887 г. у Беларусі ў арэнду здавалася 2,5 млн. дзесяцін дваранскай зямлі.

Уплыў сусветнага аграрнага крызісу на спецыялізацыю сельскай

гаспадаркі Беларусі. Аб развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў

другой палове ХІХ ст. сведчыць паступовая спецыялізацыя сельскагаспадарчай

вытворчасці. У першыя два дзесяцігоддзі пасля рэформы найважнейшай

галіной земляробства заставалася вытворчасць збожжа. Аднак у выніку

сусветнага аграрнага крызісу 1880 – 1890-х гг. цэны на яго рэзка панізіліся

(толькі за 1880-я гг. больш як у 2 разы). Збожжавыя гаспадаркі Беларусі не былі

здольны канкурыраваць на рынках Заходняй Еўропы з вытворцамі таннага і

высокаякаснага хлеба з ЗША, Аргенціны, Аўстраліі. Гэта прымусіла беларускіх

памешчыкаў пераходзіць на вытворчасць прадуктаў, што давалі большы

прыбытак. Паступова ў Беларусі аформіліся пэўныя раёны, дзе пераважную

ролю адыгрывала тая ці іншая галіна сельскагаспадарчай вытворчасці.

У 1890-я гг. галоўнай галіной у сельскай гаспадарцы Беларусі стала

малочная жывёлагадоўля. З 1883 да 1900 г. колькасць буйной рагатай жывёлы

ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі вырасла амаль удвая. Лепш развіта была

жывёлагадоўля ў Мінскай, Віленскай і Віцебскай губернях. У краі з’явіліся

высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандская, сіментальская, цірольская

і інш.) і спецыяльныя фермы для іх гадоўлі. Многія памешчыкі адкрывалі ў

сваіх маёнтках сыраварні і масларобчыя заводы. У канцы ХІХ ст. у Беларусі

ўжо налічвалася не менш за 200 масларобчых і сыраварных заводаў, на якіх

штогод выраблялася ад 500 да 650 тыс. пудоў масла і сыру. Дзякуючы

высокаму попыту, малочныя прадукты мелі пастаянны збыт у Цэнтральнай

Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы.

Другім важным кірункам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак Беларусі

было вінакурэнне, якое мела гандлёвы характар. Ад продажу спірту памешчыкі

атрымлівалі буйныя даходы. У 1905 г. у пяці беларускіх губернях налічвалася

536 вінакурных заводаў. Асноўнай сыравінай для вырабу спірту з’яўлялася

бульба. Адходы ад вінакурэння – брага – выкарыстоўваліся на корм жывёле.

Спецыялізацыя памешчыцкіх гаспадарак на малочнай жывёлагадоўлі і

вінакурэнні суправаджалася значнымі зменамі ў структуры пасяўных плошчаў.

Найбольш высокімі тэмпамі развівалася травасеянне. Плошчы пад кармавымі

культурамі (канюшына, віка, сырадэля, цімафееўка і інш.) у 1880 – 1890-я гг.

павялічыліся на тэрыторыі Беларусі ў 7 разоў.

З сярэдзіны 1860-х гг. у памешчыцкіх гаспадарках інтэнсіўна развівалася

свінагадоўля. У Мінскай і Гродзенскай губернях значнага развіцця дасягнула

танкарунная авечкагадоўля. Воўна з гэтых губерняў паступала як на мясцовыя

суконныя фабрыкі, так і ў Польшчу, Германію і Аўстра-Венгрыю. Але пазней, з-за канкурэнцыі больш таннай воўны з паўднёвых раёнаў Расіі і Аўстраліі, авечкагадоўля ў Беларусі пачала прыходзіць у заняпад.

Яшчэ адным кірункам спецыялізацыі памешчыцкай гаспадаркі з’яўлялася

вытворчасць тэхнічных культур. Сярод іх першае месца займала бульба.

Плошча пад яе пасевамі за 1881 – 1899 гг. узрасла ў 2,5 раза. Другое месца

пасля бульбы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі належала лёну. За апошнія

два дзесяцігоддзі ХІХ ст. плошча пад пасевы гэтай культуры павялічылася на

48,5 %. Вытворчасць лёну, асабліва ў Віцебскай губерні, мела пераважна

гандлёвы характар. Значнае месца ў беларускіх губернях ў канцы ХІХ ст.

займала прамысловае садоўніцтва і агародніцтва.

Капіталізацыя памешчыцкай гаспадаркі Беларусі выклікала неабходнасць

выкарыстання машын. У сярэдзіне 1890-х гг. па распаўсюджанасці розных

сельскагаспадарчых прылад працы Беларусь знаходзілася на другім месцы ў

Расіі пасля Новарасійскага рэгіёна. Лепш былі забяспечаны машынамі

памешчыцкія гаспадаркі Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тут даволі шырока

выкарыстоўвалі малатарні, веялкі, жняяркі, сеялкі. Менш іх было ў Магілёўскай

і Віцебскай губернях. Але ў большасці памешчыцкіх гаспадарак Беларусі

прымянялі ў асноўным адсталую ручную тэхніку.

Фарміраванне аграрнай буржуазіі. Да пачатку ХХ ст. перабудова

сельскай гаспадаркі Беларусі на капіталістычны лад яшчэ не завяршылася.

Адпрацовачная сістэма не была канчаткова адменена нават у перадавых

гаспадарках, захоўваліся і іншыя перажыткі феадалізму. У дадатак да цяжкіх

эканамічных умоў свайго існавання сяляне ў прававых адносінах заставаліся

ніжэйшым саслоўем у дзяржаве. У адрозненне ад дваранства, духавенства і

купецтва, яны плацілі дзяржаве падушны падатак, выкупныя плацяжы, пазямельны падатак, выконвалі фурманачную, дарожную, паліцэйскую

павіннасці. Да іх прымяняліся цялесныя пакаранні.

З-за перавагі памешчыцкай зямельнай уласнасці ў Беларусі не склалася

развітая сялянская заможная гаспадарка. У канцы ХІХ ст. сярод сялян было

61 % беднякоў, 28 % сераднякоў, і толькі 11 % заможных. Працэс распаду

дваранскай зямельнай уласнасці ў Беларусі ішоў значна марудней, чым у

Цэнтральнай Расіі. За 1877 – 1905 гг. дваране ў беларускіх губернях страцілі

толькі 10,8 % сваіх зямель, а ў Цэнтральнай Расіі – 27,2 %. У першую чаргу гэта

з’яўлялася вынікам большай эканамічнай устойлівасці памешчыцкіх гаспадарак

Беларусі, што было звязана са значным развіццём тут таварна-грашовых

адносін.

Аднак пераход зямлі ад памешчыкаў да іншых саслоўяў на тэрыторыі

Беларусі стрымліваўся і ўрадавай палітыкай. У заходніх губернях

стымулявалася пашырэнне рускага землеўладання. За кошт казённых зямель і

зямель, канфіскаваных у польскіх памешчыкаў за ўдзел у паўстанні 1863 –

1864 гг., быў створаны спецыяльны фонд для рускіх пасяленцаў. Адпаведную

фінансавую палітыку праводзіў і Сялянскі банк, заснаваны ў 1882 г. Ён выдаваў

сялянам доўгатэрміновыя крэдыты для куплі зямлі і садзейнічаў памешчыкам у

выгадным продажы зямлі сялянам па завышаных цэнах. Пазыкі выдаваліся, як

правіла, на 55 з паловай гадоў пры ўмове штогадовага пагашэння іх у памеры

6,5 % даўгавой сумы. Да 1890 г. сяляне ў пяці заходніх губернях набылі праз

Сялянскі банк 984,3 тыс. дзесяцін зямлі. Аднак сялянам-католікам забаранялася

купляць больш як 60 дзесяцін на аднаго чалавека, а памешчыкі каталіцкага

веравызнання не мелі права набываць зямлю, акрамя як у спадчыну. Яўрэі

наогул былі пазбаўлены права купляць зямлю па-за межамі гарадоў і мястэчак.

Такім чынам, феадальныя перажыткі і ўрадавая палітыка стрымлівалі развіццё

капіталістычнага бессаслоўнага землеўладання, якое нават у пачатку ХХ ст.

у Беларусі ахоплівала толькі 16,5 % ад агульнай зямельнай плошчы.

Асаблівасці пераходу ад ручной да машыннай вытворчасці ў

прамысловасці Беларусі. Прамысловы пераварот у асноўных галінах

прамысловасці Расіі завяршыўся ў пачатку 1880-х гг. Прамысловасць Беларусі

пасля рэформы 1861 г. развівалася ў цеснай сувязі з агульнарасійскай, але мела

і свае асаблівасці. Характэрнай рысай прамысловага развіцця Беларусі ў другой

палове ХІХ ст. разам з адносна хуткім ростам фабрычнай індустрыі было

пашырэнне дробнай вытворчасці і мануфактур, пераважна невялікіх фабрычна-

заводскіх прадпрыемстваў.

У 1860-я гады ў прамысловасці Беларусі пераважалі дробныя рамесныя

прадпрыемствы і мануфактуры. Рамесныя прадпрыемствы былі заснаваны на

ручной працы. Перш за ўсё гэта былі промыслы па перапрацоўцы мясцовай

сыравіны: дрэва (сталярны), гліны (ганчарны), скуры (кушнерскі, шавецкі), воўны і лёну (ткацкі). Рамесная вытворчасць канцэнтравалася ў гарадах і

шматлікіх мястэчках. Да канца стагоддзя назіраўся рост колькасці дробных

рамесных прадпрыемстваў, павялічваўся аб’ём іх прадукцыі. У канцы 1890-х гг.

ён складаў 37,8 % ад ўсей прамысловасці Беларусі.

Пасля рэформы 1861 г. паскорыўся рост мануфактурнай вытворчасці. Тут

выкарыстоўвалася ручная праца, але існаваў яе падзел па спецыяльнасцях.

Мануфактуры ўзнікалі з сялянскіх промыслаў і гарадскога рамяства. У канцы

ХІХ ст. мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, ганчарнай, цагельнай, суконнай, шкляной і тытунёвай вытворчасці і давалі 15,4 % валавой прамысловай

прадукцыі Беларусі.

Нягледзячы на вялікую долю рамеснай і мануфактурнай вытворчасці, на

працягу другой паловы ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі ішоў працэс пераходу

ад ручной працы да машыннай. Рамяство і мануфактуру паступова выцясняла

капіталістычная фабрыка. Калі ў 1860 г. у Беларусі дзейнічалі толькі

76 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў, то ў 1900 г. іх было ўжо 1137. У канцы

ХІХ ст. фабрычна-заводская прамысловасць давала 46,8 % валавога прадукту.

Беларусь значна адставала ад Расіі па ўзроўні канцэнтрацыі вытворчасці.

Дробныя прадпрыемствы (да 50 рабочых) складалі ў Беларусі 85,5 % усіх

фабрык і заводаў. Калі прадпрыемствы, якія мелі больш за 500 рабочых, у

расійскай прамысловасці складалі 3,5 %, то ў беларускай – толькі 1,2 %.

Сярэдні памер прадпрыемстваў Беларусі быў у 2,3 раза меншы, чым увогуле па

Расіі.

Прамысловасць

Беларусі

пасля

рэформы 1861

г.

развівалася

нераўнамерна. Калі ў першыя два дзесяцігоддзі ўдзельная вага ўсіх

прадпрыемстваў Беларусі, якія ўзніклі ў гэты час, складала 18,5 %, а ў Расіі –

23,4 %, то ў 1880 – 1890-я гг. на тэрыторыі Беларусі было ўведзена ў дзеянне

фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у 4 разы больш, чым за папярэднія

20 гадоў (у Расіі толькі ў 2,6 раза).

Галіновая структура прамысловасці Беларусі. У Беларусі з-за

адсутнасці неабходнай сыравіны вельмі марудна развівалася цяжкая

прамысловасць. Пераважнае значэнне тут атрымалі галіны вытворчасці, звязаныя з перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Сярод іх вядучая роля належала

вінакурэнню і лясной прамысловасці.

Беларусь была адным з галоўных раёнаў вінакурэння ў Расіі. Тут у 1890 г.

дзейнічала 18 % усіх вінакурных заводаў краіны. У 1900 г. на вінакурных

заводах Беларусі працавала 470 паравых рухавікоў, валавая прадукцыя складала

23,5 % ад усёй прадукцыі беларускай прамысловасці.

Адно з важных месц у прамысловасці Беларусі займалі прадпрыемствы па

перапрацоўцы драўніны – асноўнага багацця краю. Асаблівае значэнне

адыгрывалі лесапільныя заводы. Лесапільная прамысловасць стаяла на другім

месцы пасля вінакурэння, аднак у ёй пераважалі дробныя прадпрыемствы, на

якіх працавала да 20 чалавек. Фабрычна-заводскія прадпрыемствы занялі ў

галіне пануючае становішча толькі ў 1890-я гг.

Значнае развіццё ў беларускіх губернях атрымалі запалкавая і папярова-

кардонная вытворчасць. Напрыклад, у Мінскай губерні ў 1900 г. дзейнічалі

чатыры запалкавыя фабрыкі: Барысаўская (759 рабочых), Мазырская (616), Пінская (590) і Койданаўская (208 рабочых). Па колькасці працуючых на іх

рабочых гэтыя фабрыкі былі найбуйнейшыя ў губерні. Папярова-кардонная

прамысловасць Беларусі была сканцэнтравана галоўным чынам у Магілёўскай і

Віцебскай губернях. Сярод папяровых фабрык найбуйнейшай з’яўлялася

Добрушская (900 рабочых і гадавая сума вытворчасці 1,6 млн. рублёў). Да таго

ж яна была абсталявана навейшымі па тым часе машынамі. У Гродзенскай

губерні пераважалі гільзавыя і пераплётныя прадпрыемствы. Найбольш

буйнымі з іх былі гільзавыя фабрыкі ў Брэсце.

Вельмі шмат на тэрыторыі Беларусі было прадпрыемстваў, звязаных з

перапрацоўкай

сельскагаспадарчай

сыравіны:

мукамольна-крупяных,

крухмальна-патачных, маслабойных, піваварных, тэкстыльных, ільно- і

пенькаапрацоўчых, гарбарных. Асноўная колькасць крухмальна-патачных і

маслабойных прадпрыемстваў краю ў канцы ХІХ ст. заставалася на стадыі

дробнатаварнай вытворчасці і мануфактуры. Але ў мукамольна-крупяной

прамысловасці ў 1900 г. 93,1 % усіх прадпрыемстваў складалі фабрыкі.

Колькасць тэкстыльных фабрык у канцы ХІХ ст. дасягнула 24, на іх было

занята звыш 1 800 рабочых. Найбольш значнымі ў гэтай галіне прамысловасці

былі льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” у Віцебску і суконная фабрыка ў

маёнтку Парэчча Пінскага павета.

Гарбарная вытворчасць была прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі, на

якіх ужывалася ручная праца. Параўнальна буйныя гарбарныя прадпрыемствы

ў Беларусі пачалі ўзнікаць з 1880-х гг. Найбуйнейшым цэнтрам гарбарнай

вытворчасці з’яўлялася Смаргонь. У 1900 г. тут працавалі некалькі буйных

заводаў і да 50 мануфактур. У працэсе вытворчасці на буйнейшых

прадпрыемствах выкарыстоўваліся ўдасканаленыя прыёмы апрацоўкі сыравіны, якая дастаўлялася з усіх канцоў Расіі. У Смаргонь, напрыклад, сыравіна

прывозілася з Растова.

Значнае развіццё атрымала тытунёвая прамысловасць, якая таксама

працавала на прывазной сыравіне. Найбуйнейшай з’яўлялася тытунёвая

фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, заснаваная ў 1862 г. У 1900 г. на ёй

працавала 1 445 рабочых, а аб’ём прадукцыі складаў 2,4 млн. руб. Тытунёвае

лісце завозілася галоўным чынам з поўдня Расіі, часткова з-за мяжы, а

прадукцыя збывалася па ўсёй Расіі, а таксама ў Польшчы.

У другой палове ХІХ ст. хуткі рост гарадоў і развіццё прамысловага

будаўніцтва выклікалі патрэбу ў вялікай колькасці будаўнічых матэрыялаў.

У Беларусі атрымала развіццё, у першую чаргу, вытворчасць цэглы. Сярод

буйных прадпрыемстваў гэтай галіны вызначаліся цагельныя заводы ў маёнтку

Івацэвічы Слонімскага павета (200 рабочых) і ў маёнтку Храповішчы (203

рабочыя), у Бабруйску (156 рабочых) і Мінску (74 рабочыя). Існавалі таксама

прадпрыемствы па вытворчасці кафлі (некалькі кафляных заводаў у Копысі) і

шклозаводы. Найбольш буйным са шклозаводаў быў крыштальны завод

“Нёман” у Лідскім павеце Віленскай губерні, які пачаў выпускаць сваю

прадукцыю ў 1875 г.

Металаапрацоўчая прамысловасць Беларусі з-за адсутнасці дастатковай

колькасці мясцовай сыравіны развівалася запаволена. Заводы, якія

выкарыстоўвалі мясцовую балотную руду, у канцы 1870-х гг. зачыніліся. Яны

былі эканамічна нявыгаднымі і не маглі канкурыраваць з металургічнымі

заводамі Польшчы і Расіі. У 1880-я гг. у Беларусі дзейнічалі сярэднія па

велічыні металаапрацоўчыя прадпрыемствы: завод земляробчых прылад у

Ракаве, які вырабляў малатарні, веялкі, бароны, плугі, запашнікі; чыгуналіцейны завод у Мінску, на якім выраблялі сельскагаспадарчыя

прылады, абсталяванне для вінакурных, лесапільных, гарбарных, шкляных

заводаў. У 1897 г. у Мінску былі заснаваны яшчэ два прадпрыемствы гэтай

галіны, якія выпускалі паравыя катлы, турбіны, маслабойкі і інш.

З будаўніцтвам чыгунак на тэрыторыі Беларусі пачалі працаваць майстэрні

па рамонце рухомага саставу. Гэта былі буйныя капіталістычныя

прадпрыемствы, абсталяваныя сучаснай тэхнікай. У 1900 г. дзейнічалі ўжо 19

такіх майстэрань. Аднак удзельная вага металаапрацоўчых прадпрыемстваў ва

ўсёй прамысловасці Беларусі ў 1890-я гг. не перавышала 3 %.

Вынікі прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст.

Прамысловасць Беларусі ў другой палове ХІХ ст. дасягнула таго ж узроўню

развіцця, што і ў іншых аграрных раёнах Расіі, але значна адставала ад

асноўных індустрыяльных цэнтраў. Галоўнымі прычынамі гэтага былі

адсутнасць прамысловых запасаў карысных выкапняў і рэшткі прыгонніцтва, якія стрымлівалі развіццё капіталістычных адносін.

Беларусь знаходзілася ў непасрэднай блізкасці да Цэнтральнага, Пецярбургскага, Прыбалтыйскага і Польскага прамысловых раёнаў, у якіх

буйная прамысловасць склалася раней, чым у Беларусі. Таму ў апошняй

атрымалі развіццё галіны прамысловасці, заснаваныя на перапрацоўцы

сельскагаспадарчай сыравіны, лясной і мясцовай мінеральнай сыравіны, а

таксама рамесна-саматужная вытворчасць, што абслугоўвала побытавыя

патрэбы насельніцтва. У сістэме агульнарасійскага капіталізму Беларусь

уяўляла рэгіён з высокаразвітой лёгкай прамысловасцю.

Будаўніцтва чыгунак. Водны транспарт. Значнаму паскарэнню тэмпаў

развіцця прамысловасці Беларусі ў другой палове ХІХ ст. спрыяла стварэнне

густой сеткі чыгуначных дарог. Першай праз тэрыторыю Беларусі прайшла ў

1862 г. Пецярбургска-Варшаўская чыгунка (праз Гродна). У 1866 г. пачала

дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка (Дзвінск – Полацк – Віцебск), у 1871 г. –

Маскоўска-Брэсцкая (Смаленск – Орша – Баранавічы – Брэст), у 1871 –

1874 гг. – Лібава-Роменская (Вільня – Маладзечна – Мінск – Асіповічы –

Бабруйск – Жлобін). У 1880-я гг. былі пабудаваны Палескія чыгункі (Вільня –

Баранавічы – Лунінец, Гомель – Лунінец – Пінск – Жабінка, Баранавічы –

Слонім – Ваўкавыск – Беласток). У 1902 г. адкрылася Пецярбургска-Адэская

магістраль (Віцебск – Орша – Магілёў – Жлобін). Увогуле даўжыня

чыгуначнай сеткі ў Беларусі з 1867 г. да 1904 г. вырасла ў 12 разоў. Чыгункі

звязалі Беларусь з галоўнымі індустрыяльнымі цэнтрамі Расійскай імперыі –

Пецярбургам, Масквой, Кіевам, Варшавай, прыбалтыйскімі партамі.

Важную ролю ў эканоміцы Беларусі адыгрываў рачны транспарт. Водныя

шляхі праходзілі па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы. Водны транспарт у 1900 г.

налічваў 310 непаравых і 23 паравыя судны.

Гандлёвыя сувязі. Будаўніцтва чыгунак паскорыла развіццё ўнутранага і

знешняга гандлю. Хутка рос вываз як на рускі, так і на замежны рынак

прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці – масла, хлеба, яек, сыру, мяса

птушкі, садавіны, прычым значна зменшыўся вываз жывой жывёлы і рэзка

павялічыўся вываз жывёлы ў перапрацаваным выглядзе. Спірт вывозіўся ў

Пецярбург, Маскву, Цвер, Кіеў, Растоў-на-Доне, Адэсу, Крамянчуг, а таксама за

мяжу.

За мяжу вывозіліся і тавары лесаперапрацоўчай, шкляной, керамічнай і

іншых галін прамысловасці. Галоўнымі экспартнымі таварамі ў Беларусі былі

лес і лён. На долю Беларусі, напрыклад, прыходзілася 54,1 % агульнарасійскага

экспарту лесу ў Германію. Прадукцыя запалкавых фабрык вывозілася ў Ромны, Харкаў, Баку, Кішынёў, Уладзікаўказ, Варшаву; папера і кардон – у Кіеў, Екацярынаслаў, Харкаў, Вязьму, Беласток, Рыгу. Вырабы шкляной і керамічнай

прамысловасці збываліся ў Маскву, Кіеў, Адэсу.

З развіццём транспарту ў Беларусі хутка памяншалася роля кірмашовага

гандлю, усё большае значэнне набываў крамны і магазінны гандаль. Гэта

сведчыла аб тым, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў і вёсак, а таксама

Беларусі з іншымі часткамі краіны станавіліся ўсё больш рэгулярнымі і

трывалымі.

Фарміраванне нацыянальнага рынку. У канцы ХІХ ст. у Беларусі ўжо

склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой.

У той жа час наладжваліся сувязі з усерасійскім рынкам. Асаблівасцю

ўтварэння нацыянальнага рынку на тэрыторыі Беларусі з’яўлялася тое, што тут

эканамічная агульнасць не ўмацоўвалася дзяржаўным аб’яднаннем у рамках

этнічнай тэрыторыі. Цэнтрамі абласных рынкаў у канцы ХІХ ст. сталі

найбольш буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст і

Пінск. Характар гандлёвых сувязей унутры мясцовых рынкаў вызначаўся

асаблівасцямі эканамічнага развіцця кожнага з раёнаў.

Галоўным гандлёва-прамысловым цэнтрам Беларусі ў гэты час стаў Мінск.

Ён знаходзіўся ў прамых ці ўскосных сувязях з усёй тэрыторыяй краю. На

мінскім рынку гандлявалі вырабамі шкляной вытворчасці, паперай, кардонам, сельскагаспадарчымі машынамі. Сюды прывозілі шмат прамыслова-

мануфактурных тавараў з Маскоўскага, Пецярбургскага раёнаў, Польшчы.

Мінск як зборны і размеркавальны пункт абслугоўваў большую частку раёнаў

Палесся, многія раёны поўначы і захаду Беларусі. З прадуктаў сельскай

гаспадаркі на мінскім рынку пераважалі збожжа, малочныя прадукты, мяса, рыба.

Буйным гандлёвым цэнтрам з’яўляўся Гомель, які абслугоўваў таксама

суседнія паветы Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерняў. Прамысловыя

тавары, што вырабляліся ў Гомельскім раёне, – папера, запалкі, цэгла, кафля, аконнае шкло, вяроўкі, канаты і інш. – вывозіліся і за межы Беларусі. Гомель

быў размеркавальным пунктам для лясных матэрыялаў і дроў, якія сплаўляліся

ў

сярэдняе

і

ніжняе

Падняпроўе,

галоўным

чынам

у

Адэсу,

Екацярынаслаўскую, Кіеўскую і іншыя губерні.

Частка грузаў з Гомеля вывозілася па чыгунцы на поўнач і ўсход, у Рыгу, Пецярбург, Лібаву. У Гомель жа лясныя матэрыялы дастаўляліся з Рэчыцкага, Рагачоўскага, Мазырскага і іншых паветаў. З сельскагаспадарчых прадуктаў, якія траплялі на гомельскі рынак, пераважала ўкраінскае збожжа.

Для Магілёўскага эканамічнага раёна найбольш характэрным з’яўляўся

гандаль ляснымі і сельскагаспадарчымі прадуктамі. Магілёў знаходзіўся ў

цеснай сувязі з сярэднім і ніжнім Падняпроўем, а таксама з Оршай, праз якую

ішлі тавары ў Мінскую і Смаленскую губерні. З Оршы адпраўляліся галоўным

чынам лясныя грузы, збожжа, пянька, макуха, вотруб’е, яблыкі і іншыя тавары.

Прывозілі на аршанскі рынак хлебныя прадукты, соль, газу, нафту, будаўнічыя

матэрыялы.

Значная частка Магілёўскай губерні мела сувязі з Віцебскім эканамічным

раёнам. Галоўнымі прадуктамі вывазу адсюль былі лес і прадукты льнаводства, якія ў асноўным вывозіліся за мяжу. Лясныя грузы сплаўляліся па Заходняй

Дзвіне ў Рыгу, а з Украіны прывозіліся пшанічная мука і цукар.

Важнае месца ў гандлёвых сувязях Беларусі займаў горад Гродна. Праз яго

ажыццяўляўся гандаль з Польшчай, Літвой і замежнымі краінамі. Гродзенскі

рынак быў цесна звязаны з Ваўкавыскім рэгіёнам, Мінскам, Вільняй, Масквой, Пецярбургам. Галоўнымі прадметамі збыту з Гродзенскага раёна былі лясныя

грузы, жытняя мука, вотруб’е, спірт, малочныя прадукты, бульбяная мука.

Сярод гандлёвых цэнтраў Беларусі асабліва вылучаўся Пінск. Ён служыў

размеркавальным цэнтрам збыту прамысловых тавараў і лясных грузаў, якія

перавозіліся з басейнаў Дняпра і Прыпяці ў сістэмы Нёмана і Віслы.

Развіццё капіталізму прыводзіла да зліцця мясцовых рынкаў Беларусі ў

адзіны нацыянальны рынак. Адначасова ўнутраны рынак Беларусі з’яўляўся

складовай часткай усерасійскага рынку. У беларускім гандлі пераважаў вываз

сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў. У той жа час беларускія

губерні служылі рынкам збыту прамысловых тавараў і збожжа, якія ўвозіліся з

іншых раёнаў Расіі. Напрыклад, на тэрыторыю Беларусі ўвозіліся вырабы з

жалеза, жалезныя і стальныя загатоўкі, якія перапрацоўваліся на мясцовых

заводах.

Развіццё фінансава-крэдытнай сістэмы. Канцэнтрацыя вытворчасці

абумовіла стварэнне ў Беларусі акцыянерных кампаній. У канцы ХІХ ст. у

Беларусі дзейнічала каля 10 акцыянерных таварыстваў, якім належалі буйныя

прадпрыемствы. Так, з 1877 г. пачало дзейнічаць “Гродзенскае таварыства

водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў”, у 1895 г. – “Таварыства

віцебскіх водаправодаў”, у 1898 г. – бельгійскае акцыянернае таварыства

“Віцебскі трамвай”.

Разам з канцэнтрацыяй вытворчасці адбывалася цэнтралізацыя капіталу.

У эканамічным жыцці Беларусі, асабліва ў апошняй трэці ХІХ ст., значную

ролю пачалі адыгрываць банкі. Вядучае месца сярод крэдытных устаноў займаў

Мінскі камерцыйны банк, заснаваны ў 1873 г. У шэрагу гарадоў дзейнічалі

аддзяленні найбуйнейшых расійскіх банкаў. У Беларусі было пяць аддзяленняў

Дзяржаўнага банка. З 1871 г. свае філіялы ў Мінску, Магілёве, Пінску меў

Азова-Данскі камерцыйны банк. У Мінску ў 1890-я гг. дзейнічала аддзяленне

Пецярбургска-Азоўскага банка. Віленскі прыватна-камерцыйны банк і

камерцыйны банк у Беластоку мелі свае філіялы ў Бабруйску, Гомелі і Слоніме.

У Бабруйску, Гомелі і Брэсце былі адкрыты філіялы Арлоўскага камерцыйнага

банка.

У выніку дзейнасці банкаў назапашваліся значныя капіталы, якія

ўкладваліся пераважна ў сферу гандлю. Банкаўскія сродкі накіроўваліся

таксама ў прамысловасць па першаснай апрацоўцы лесу і лёну. Істотную ролю

ў вывазе за мяжу гэтых тавараў адыгрываў германскі капітал, які актыўна

ўкладваўся ў большасць леса- і льногандлёвых фірм.

Увогуле ў пачатку ХХ ст. узмацнілася пранікненне ў эканоміку Беларусі

замежнага капіталу. Гэта спрыяла павелічэнню колькасці прамысловых

прадпрыемстваў, якія належалі акцыянерным таварыствам, і пашырэнню

дзейнасці банкаў. Так, у Віцебску дзейнічаў сіндыкат гаспадароў цагельных

заводаў, у Оршы – піваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю. Аднак

узровень манапалізацыі прамысловасці Беларусі быў ніжэйшы, чым ў

індустрыяльна развітых раёнах Расіі.

Урбанізацыя. Развіццё прамысловасці і чыгуначнай сеткі садзейнічалі

росту гарадоў. У 1897 г. у гарадах Беларусі пражывала 648 тыс. чалавек, або

9,8 % ад усяго насельніцтва беларускіх губерняў. Па тэмпах росту гарадскога

насельніцтва беларускія гарады адставалі ад гарадоў Еўрапейскай часткі Расіі.

Прычынамі былі адносна слабае развіццё прамысловасці і штучная

канцэнтрацыя ў гарадах Беларусі яўрэйскага насельніцтва, якое стварала

значны рэзерв рабочай сілы. Перанаселенасць беларускіх гарадоў стрымлівала

прыток у іх як пралетарызаванага, так і буржуазнага сельскага насельніцтва.

Тым не менш насельніцтва гарадоў Беларусі павялічвалася. Значнымі цэнтрамі

фабрычна-заводскай прамысловасці сталі Мінск, Пінск, Гродна, Магілёў, Віцебск, Гомель, Бабруйск. У многіх з іх у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.

буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі сталі чыгуначныя майстэрні і дэпо.

У канцы ХІХ ст. найбольш буйнымі гарадамі краю былі Мінск (90,9 тыс.

жыхароў) і Віцебск (65,9 тыс. жыхароў), насельніцтва астатніх гарадоў складала

менш за 50 тыс. чалавек.

У гарадах Беларусі выраблялася толькі каля 31 % прамысловай прадукцыі.

Пераважная колькасць прадпрыемстваў размяшчалася ў мястэчках і маёнтках.

Некаторыя мястэчкі ператварыліся ў прыкметныя прамысловыя цэнтры

рэгіянальнага значэння (Смаргонь, Дуброўна і інш.). У канцы ХІХ ст. у

мястэчках Беларусі было 679 тыс. жыхароў.

Соседние файлы в папке ВСЕ