Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВСЕ / история беларуси учебник.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
07.05.2024
Размер:
1.03 Mб
Скачать

§ 2. Буржуазныя рэформы 60–70-х гадоў і контррэформы 80–90-х гадоў

Неабходнасць рэфармавання дзяржаўна-палітычнага ладу Расіі.

Рэформа 1861 г. ліквідавала галоўную перашкоду, якая стрымлівала развіццё

капіталізму ў Расіі, – прыгоннае права. Але каб рухацца наперад да сапраўды

буржуазнага грамадства, Расіі былі патрэбны іншыя рэформы дзяржаўна-

палітычнага ладу. У 1860 – 1870-я гг. урад Аляксандра ІІ прыняў шэраг

пастаноў аб правядзенні такіх рэформ: земскай, судовай, гарадской, ваеннай,

школьнай і цэнзурнай.

Аднак у Беларусі гэтыя рэформы ажыццяўляліся са значнымі

абмежаваннямі, якія былі выкліканы мерамі, што прымаліся ўрадам у сувязі з

паўстаннем 1863 – 1864 гг., у першую чаргу абвяшчэннем тут ваеннага

становішча, якое было адменена толькі ў 1870 г.

Судовая рэформа. З усіх рэформ самай радыкальнай з’яўлялася судовая.

Новыя судовыя статуты, прынятыя 20 лістапада 1864

г. , уводзілі

бессаслоўнасць у судзе. Абвяшчаліся нязменнасць суддзяў, незалежнасць суда

ад адміністрацыі, спаборніцтва і галоснасць судовага працэсу. Пры разглядзе

крымінальных спраў прадугледжваўся ўдзел у судовым працэсе прысяжных

засядацеляў, якія незалежна ад суддзяў выносілі рашэнне, вінаваты падсудны

ці не. Для юрыдычнай дапамогі падсудным быў створаны інстытут прысяжных

павераных (адвакатаў), якія не знаходзіліся на дзяржаўнай службе і не залежалі

ад урада. Працэс папярэдняга следства перадаваўся ад паліцыі судовым

следчым. Значна скарачалася сістэма судаводства. Першай інстанцыяй стаў

міравы суд з адзіным суддзёй, другой – павятовы з’езд міравых суддзяў, потым ішлі акруговыя суды (у губернях) і судовыя палаты (аб’ядноўвалі

некалькі губерняў). Для ўсіх судоў імперыі існавала адзіная апеляцыйная

інстанцыя – Сенат. Міравыя суддзі павінны былі выбірацца на павятовых

земскіх сходах і ў гарадскіх думах. Члены судовых палат і акруговых судоў

зацвярджаліся імператарам, а міравыя суддзі – сенатам. Нагляд за дзейнасцю

судовых устаноў ажыццяўлялі пракуроры, якія падначальваліся непасрэдна

міністру юстыцыі. Разам з тым судовая рэформа пакідала валасны суд для

сялян (па грамадзянскіх і дробных крымінальных справах), духоўны суд

(кансісторыю) па справах духавенства і ваенныя суды для вайскоўцаў.

Вышэйшыя дзяржаўныя чыны падлягалі Вышэйшаму крымінальнаму суду.

У Беларусі судовая рэформа пачалася толькі ў 1872 г. з увядзення міравых

судоў. Паколькі ў Беларусі адсутнічалі земствы, то міравыя суддзі, у адрозненне

ад цэнтральных губерняў Расіі, тут не выбіраліся, а прызначаліся міністрам

юстыцыі па рэкамендацыі мясцовай адміністрацыі. Акруговыя суды, судовыя

палаты, прысяжныя засядацелі і прысяжныя павераныя з’явіліся ў заходніх

губернях толькі ў 1882 г. Спіс прысяжных засядацеляў таксама зацвярджаўся

ўладамі. Усё гэта было вынікам паўстання 1863 – 1864 гг. – самадзяржаўе не

давярала мясцовым памешчыкам, сярод якіх былі моцныя прапольскія настроі.

Земская рэформа. Земская рэформа, аб’яўленая 1 студзеня 1864 г. , прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях выбарных устаноў для

кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім

абслугоўваннем насельніцтва і іншымі непалітычнымі справамі. У Беларусі ў

сувязі з падзеямі 1863 – 1864 гг. уводзіць выбарныя ўстановы ўрад не

адважыўся. Палітыка недаверу мясцовым памешчыкам працягвалася аж да

1911 г., калі ва ўсходніх губернях Беларусі былі створаны земствы, і то згодна

са спецыяльным выбарчым законам.

Гарадская рэформа. Са спазненнем на 5 гадоў у Беларусі была праведзена

гарадская рэформа (у Расіі прынята ў 1870 г.). Яна абвяшчала прынцып

усесаслоўнасці пры выбарах органаў гарадскога самакіравання – гарадской

думы і гарадской управы на чале з гарадскім галавой. Пры выбарах членаў

думы ( гласных) права голасу атрымлівалі гараджане з 25-гадовага ўзросту.

Аднак гэтым правам маглі карыстацца не ўсе жыхары горада, а толькі тыя, хто

плаціў гарадскія падаткі. У сваю чаргу яны падзяляліся на тры выбарчыя курыі

(у залежнасці ад памеру выплачваемага ў гарадскую казну падатку). У першую

ўваходзілі найбольш буйныя плацельшчыкі, якія плацілі трэць агульнай сумы

гарадскіх падаткаў (такіх людзей у горадзе звычайна налічвалася некалькі

дзесяткаў); у другую – сярэднія падаткаплацельшчыкі, што таксама плацілі

трэць гарадскіх падаткаў (такіх было некалькі соцень); у трэцюю – дробныя

падаткаплацельшчыкі, што выплачвалі астатнюю трэць агульнай сумы (іх было

ў некалькі разоў больш, чым выбаршчыкаў 1-й і 2-й курый). Пры гэтым кожная

курыя выбірала аднолькавую колькасць членаў гарадской думы. Такім чынам, уведзеная сістэма гарадскога самакіравання забяспечвала ўладу купцам, прадпрымальнікам, уладальнікам нерухомасці. Напрыклад, у выбраных

гарадскіх думах першага 4-годдзя дваране і духавенства складалі 15 % усіх

гласных, у другім 4-годдзі – звыш 18 %, у трэцім – больш за 20 %.

Домаўладальнікамі былі да 90 % гарадскіх гласных. У сваю чаргу, рабочыя, служачыя, інтэлігенцыя, якія складалі асноўную масу насельніцтва гарадоў, не

мелі магчымасці ўдзельнічаць у гарадскім самакіраванні, бо не плацілі падаткі

ў гарадскую казну.

Гарадская дума непасрэдна не падначальвалася мясцовай адміністрацыі, але нагляд за дзейнасцю думы ажыццяўляў губернатар праз спецыяльна

створаныя губернскія ўстановы па гарадскіх справах. Гарадскі галава ў буйных

гарадах зацвярджаўся на сваёй пасадзе міністрам унутраных спраў, а ў дробных –

губернатарам. Кампетэнцыя органаў гарадскога самакіравання была

абмежавана вузкімі рамкамі гаспадарчых пытанняў: добраўпарадкавання

тэрыторыі горада, арганізацыі гарадскога гандлю і транспарту, народнай

адукацыі і аховы здароўя, прыняцця санітарных і супрацьпажарных мер. Дума

мела права абкладваць падаткамі маёмасць і прыбыткі прыватных асоб, але ў

вельмі абмежаваных памерах – не больш за 1 % кошту нерухомасці альбо

гандлёвага ці прамысловага прыбытку. Пры гэтым больш за палову сабраных

сродкаў выкарыстоўвалася не на гарадскія, а на казённыя патрэбы – утрыманне

паліцыі і органаў улады. Разам з тым, нягледзячы на значную абмежаванасць, рэформа гарадскога самакіравання ўсё ж замяніла былыя феадальныя саслоўна-

бюракратычныя органы гарадскога кіравання на новыя, заснаваныя на

буржуазным прынцыпе маёмаснага цэнзу. Рэформа спрыяла ўмацаванню

пазіцый буржуазіі ў дзяржаве, садзейнічала паляпшэнню гарадской гаспадаркі.

Аднак феадальныя перажыткі не давалі магчымасці выкарыстаць гарадскую

рэформу ў поўнай меры.

Ваенная рэформа. Рэфармаванне арміі ў Расіі пачалося ў 1862 г. , калі былі

ўтвораны 15 ваенных акруг (у тым ліку і Віленская, у якую ўвайшлі ўсе

беларускія губерні) і ўведзены скарочаны тэрмін службы: ў сухапутным войску

да сямі і на флоце да васьмі гадоў. У 1867 г. быў прыняты новы ваенна-судовы

статут, які зыходзіў з прынцыпаў судовай рэформы 1864 г. Згодна з ім

уводзіліся тры судовыя інстанцыі – палкавы, ваенна-акруговы і галоўны

ваенны суд. На час вайны ствараўся Галоўны палявы ваенны суд. Рашэнні

ваенных судоў падлягалі зацвярджэнню палкавога і акруговага военачальнікаў.

Разам з тым у расійскай арміі яшчэ працягваў дзейнічаць саслоўны

прынцып камплектавання войска. І толькі закон 1874 г. увёў замест рэкруцкіх

набораў усеагульную воінскую павіннасць. Усе мужчыны з 20-гадовага ўзросту

павінны былі служыць у войску (акрамя карэннага насельніцтва Сярэдняй Азіі, Казахстана, Сібіры і Поўначы). У сухапутных войсках тэрмін службы

паніжаўся да 6 гадоў абавязковай і 9 гадоў у запасе, на флоце – адпаведна да 7 і

3 гадоў. Таксама ўводзіліся льготы для людзей, якія мелі адукацыю. Тыя, хто

скончыў вышэйшыя навучальныя ўстановы, служылі 6 месяцаў, гімназіі – 1,5

года, гарадскія вучылішчы – 3, пачатковыя школы – 4 гады. З увядзеннем

усеагульнай воінскай павіннасці ў Расіі былі фармальна рэалізаваны

буржуазныя прынцыпы камплектавання арміі. Але на практыцы саслоўнасць не

была ліквідавана. Сярод расійскага афіцэрства пераважалі дваране, а ўвесь

цяжар салдацкай службы неслі ніжэйшыя саслоўі, у асноўным сяляне, бо

прывілеяваныя саслоўі дзякуючы высокай адукацыі і іншым ільготам фактычна

вызваляліся ад службы ў войску.

Школьная рэформа. Рэфармаванне школьнай сістэмы ( 1864 г. ) таксама

мела буржуазны характар. Школа абвяшчалася ўсесаслоўнай, павялічвалася

колькасць пачатковых школ, уводзілася пераемнасць розных ступеняў

навучання. У адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі ў Беларусі не было

земскіх школ і грамадскасць не дапускалася да кіраўніцтва народнай

адукацыяй. Для Беларусі і Літвы былі выпрацаваны спецыяльныя “Часовыя

правілы для народных школ”. У адпаведнасці з імі ў кожнай губерні ствараліся

дырэкцыі народных вучылішчаў з ліку чыноўнікаў, якія ажыццяўлялі нагляд за

работай школ, прымалі на працу і звальнялі настаўнікаў, давалі дазвол на

адкрыццё новых школ.

Агульную сярэднюю адукацыю давалі сямігадовыя гімназіі, якія

падзяляліся на класічныя і рэальныя. У класічных гімназіях у аснове

навучання знаходзілася выкладанне гэтак званых класічных моў – грэчаскай і

лацінскай, а таксама гуманітарных дысцыплін. Рэальныя гімназіі павялічвалі

аб’ём выкладання матэматыкі і прыродазнаўства за кошт старажытных моў.

Выпускнікі класічных гімназій атрымлівалі права паступаць без экзаменаў ва

універсітэты. Тым, хто скончыў рэальныя гімназіі, доступ ва універсітэты быў

абмежаваны. Яны маглі паступаць пераважна ў вышэйшыя тэхнічныя

навучальныя ўстановы.

У 1871 г. рэальныя гімназіі былі пераўтвораны ў шасцікласныя рэальныя

вучылішчы, у якіх рэзка скарачалася выкладанне агульнаадукацыйных

дысцыплін і пашыралася вывучэнне прыкладных, тэхнічных навук. Выпускнікі

гэтых вучылішчаў ужо не маглі паступаць у тэхнічныя інстытуты без

экзаменаў, а прыём іх ва універсітэты быў забаронены. З гэтага ж года ў

класічных гімназіях спынялася выкладанне прыродазнаўства, скарачалася на

палову колькасць гадзін па літаратуры і гісторыі і адпаведна павялічваўся час

на вывучэнне старажытных моў. Увогуле, з-за даволі высокай платы за

навучанне магчымасць атрымаць добрую адукацыю мелі пераважна

прадстаўнікі прывілеяваных і заможных саслоўяў. Для жыхароў Беларусі

становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ў краі не было ніводнай вышэйшай

навучальнай установы.

Цэнзурная рэформа. Новы цэнзурны статут, прыняты ў 1865 г. , значна

пашыраў магчымасці друку. Адмянялася папярэдняя цэнзура для твораў

памерам не менш як 10 друкаваных аркушаў, а для перакладаў – 20. Выданні

меншых памераў абавязкова падлягалі папярэдняй цэнзуры. Буйным

перыядычным выданням дазвалялася выходзіць без папярэдняй цэнзуры, але

толькі пры ўнясенні вялікіх грашовых закладаў. Пры гэтым органы ўлады мелі

права кантролю і прымянення розных санкцый да парушальнікаў закону аб

друку – ад грашовага спагнання да закрыцця “нядобранадзейных” газет і

часопісаў. Аднак гэта тычылася перш за ўсё цэнтральных выданняў і

выдавецтваў. У Беларусі да сярэдзіны 1880-х гг. усе перыядычныя выданні

залежалі ад урадавых устаноў і праваслаўнай царквы.

Значэнне рэформ. Буржуазныя рэформы 1860 – 1870-х гг. ХІХ ст., пачынаючы з адмены прыгоннага права, прывялі да значных змен у

палітычным жыцці Расіі. Быў зроблены крок наперад па шляху пераўтварэння

феадальнай манархіі ў буржуазную. Разам з тым рэформы неслі ў сабе

перажыткі феадалізму, былі непаслядоўныя і абмежаваныя. Вялікія адрозненні і

адтэрміноўкі ў правядзенні рэформ у Беларусі надавалі ім яшчэ больш

абмежаваны і непаслядоўны характар у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі, рабілі сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў беларускіх губернях складанай і

супярэчлівай.

Умацаванне “традыцыяналісцкіх” пачаткаў ва ўрадавай палітыцы

Беларусі. Пасля забойства народавольцамі Аляксандра ІІ на прастол уступіў

яго другі сын Аляксандр ІІІ (1881 – 1894 гг.). Ва ўнутранай палітыцы Расіі

адбыліся значныя змены. Урад Аляксандра ІІІ расцаніў дзеянні народавольцаў

як праяўленне “заходніх тэндэнцый” і сканцэнтраваў сваю ўвагу на ўзмацненні

“традыцыяналісцкіх” пачаткаў у палітыцы, эканоміцы і культуры. У 1880-х –

пачатку 1890-х гг. з’явіўся шэраг заканадаўчых актаў, якія ў гістарыяграфіі

ацэньваюцца як “контррэформы”, таму што яны мелі на мэце абмежаваць

характар і дзеянне рэформ 1860 – 1870-х гадоў. Менавіта таму, 1880 – 1890-я гг.

увайшлі ў гісторыю Расіі як перыяд контррэформ.

Традыцыяналізм урадавай палітыкі ў Беларусі, перш за ўсё, праяўляўся ў

недапушчэнні гвалтоўнай ломкі ладу жыцця мясцовага насельніцтва, які

склаўся гістарычна. Аднак, менавіта ў гэты час агульнаімперскае заканадаўства, адміністрацыйна-палітычнае кіраванне, сістэма адукацыі распаўсюджваюцца на

ўсе “ускраіны” Расіі, у тым ліку і на Беларусь, без уліку іх нацыянальных

асаблівасцей.

Асаблівасці эканамічнай і саслоўнай палітыкі ў Беларусі. Асновай усёй

дзейнасці ўрада Аляксандра ІІІ стала ярка выяўленая саслоўная палітыка. Яна

была скіравана ў першую чаргу на падтрыманне эканамічнага і палітычнага

статусу дваранства. Перавага, як і ў часы Аляксандра ІІ, аддавалася рускім

землеўладальнікам. У 1885 г. быў заснаваны Дваранскі пазямельны банк.

У Беларусі ён даваў права “рускім землеўладальнікам” (у тым ліку

праваслаўным памешчыкам Беларусі) карыстацца крэдытам пад заклад іх

зямель на льготных умовах. У інтарэсах дваран-землеўладальнікаў у 1886 г.

было выдадзена “Палажэнне аб найме на сельскія працы” . Яно пашырала

права землеўладальніка, які мог патрабаваць звароту рабочых, якія пакінулі

працу да сканчэння тэрміну, штрафаваць іх не толькі за ўчынены гаспадару

матэрыяльны ўрон, але і за “непадпарадкаванне”, падвяргаць арышту і

цялеснаму пакаранню.

Для палітыкі ўрада адносна сялянства было характэрна спалучэнне

кансерватыўных мер з дзеяннямі па ўмацаванні яго эканамічнага становішча.

Гэтым мэтам служыла заканадаўства, якое было накіравана на захаванне

разбураных пад націскам капіталізму патрыярхальных устояў у вёсцы, у

першую чаргу, патрыярхальнай сялянскай сям’і і абшчыны. Гэтаму ж спрыяла

дзейнасць заснаванага ў 1882 г. Сялянскага пазямельнага банка (у Мінску яго

аддзяленні былі адчынены ў 1886 г. ), які выдаваў пазыкі на пакупку зямлі як

асобным домаўладальнікам, так і сельскім таварыствам. Праз яго пасрэдніцтва

прадаваліся і памешчыцкія землі; вялікія плошчы зямлі сталі паступова

пераходзіць да сялян. Гэтымі мерамі заходнія губерні збліжаліся з іншымі

губернямі Расіі.

Аднак, прававое становішча сялян зведала істотныя абмежаванні.

Соседние файлы в папке ВСЕ